У свім выступе перад Саветам Федэрацыі Расіі 14 сакавіка Аляксандр Лукашэнка чарговым разам заявіў, што не хацеў вылучацца на студзеньскіх прэзідэнцкіх выбарах, але, з яго словаў, «паднялася цэлая бура», і выставіць сваю кандыдатуру яму ўсё ж давялося.
Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
— Я не збіраўся вылучацца на гэтыя выбары, але там цэлая бура паднялася. Валянціна Іванаўна (спікерка Савета Федэрацыі РФ Валянціна Мацвіенка. — Заўв. рэд.) была таксама прыхільніцай таго, каб я не збег убок, — заявіў палітык.
Спікер адзначыў, што за наступныя пяць гадоў ён збіраецца «падрыхтаваць новае пакаленне».
— Я шмат зрабіў для таго, каб пракатаць некаторых: губернатарамі па зямлі, прабачце мне, па лайне пахадзіць, каб разумелі пах яго. <…> І многіх я па пяць, шэсць, сем гадоў міністраў, губернатараў, пасеялі, прыбралі, разумелі, што гэта такое. Адзін з іх цяперашні прэм’ер-міністр (гаворка пра Аляксандра Турчына, які раней быў старшынёй Мінаблвыканкама. — Заўв. рэд.). Ён эканаміст. У нас наогул наверсе цяпер усе эканамісты. Добрыя эканамісты, і вучыліся добра. Ведаюць эканамічную тэорыю, але іх трэба было туды акунуць. Усе, яны былі падобныя, гатовыя. Мы аднаго з іх паднялі наверх, — падзяліўся Лукашэнка.
Спікер падкрэсліў, што ўсе ягоныя высокапастаўленыя чыноўнікі — «людзі, адданыя нашай палітыцы», «ведаюць, што такое Расія».
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка рэгулярна заяўляе, што не хацеў удзельнічаць у выбарах. 26 студзеня ў асноўны дзень галасавання ён расказваў журналістам замежных СМІ, што на яшчэ адзін тэрмін яго ўгаварыла вылучыцца найбліжэйшае атачэнне. Тым разам ён адзначаў, што супраць яго няўдзелу ў выбарчай кампаніі выступіла Наталля Качанава, спікерка Савета Рэспублікі.
— Яна (Качанава. — Заўв. рэд.) першая паднялася. Я яе ніколі не бачыў такой. [Качанава заявіла]: «Як так, вы што, кідаеце ўсё?! Вы сыходзіце?! Мы не гатовыя сёння бачыць іншага кандыдата», — расказаў палітык.
Чытайце таксама